Не па дарозе - страница 12

Шрифт
Интервал

стр.

Пасля таго, як яго сястра Юлька амаль збегла ў Леснікі за гэтага самага Сяліцкага Вайцеха, то Андрэй ішоў да яго заўсёды з нейкім гонарам, нібыта ён быў не Юльчын брат, а бацька, які прымусіў выйcцi сваю прыгожую і багатую дачку за гэтага галайстру — Сяліцкага. Хоць, як кажуць, у гасцях гасціць — не сваю волю тварыць, але Андрэй прывык, каб яго кожны раз сустракалі паўлітэркам і ласункамі. Ён, вядома, меў права быць госцем, i Вайцех яму многа год сапраўды быў рады.

Якубчык памятае, як Юлька перабралася да Сяліцкіх без ніякага вяселля i якраз перад тым, калі пайшлі ў калгасы. Не хацеў радніцца з Вайцехам Андрэй... Але дзе ты дзенешся!.. Вайцех тады стаў дэпутатам, i любоў нейкая з’явілася ў яго сястры-камсамолкі да гэтага лесуна. Паспрабуй стаць упоперак дарогі... А што гаварыць пра свае валокі, якія засталіся ад бацькі, і нейчыя шнуркі — калгас усіх зраўняў.

Пасля, здаецца, яны і нядрэнна жылі і згоду мелі. Забыліся пра мінулае, памагалі адзін аднаму сім-тым.

Толькі як сустрэне цяпер той суровы чалавек, які, як гаварылі пра яго на вёсках, i вока за ўсё жыццё нікому не запарушыў, і які пасля смерці жонкі стаў пазбягаць яго, Андрэя. Ведае, мусіць. Дайшло і да яго...

К паўдню, відаць, бралася добра распагодзіцца. Там, угары, за сасновымі вершалінамі віднелася блакітнае неба, пацягнутае рэдзенькай баваўнянай павалокай. Нават у цяні гуcтога лесу адчувалася, што прыграе сонца.

Перад самымі Леснікамі, крыху звярнуўшы з дарогі і паклаўшы веласіпеды на зямлю, корпаліся ў зблытаным малінніку два юнакі. Адзін здаўся яму знаёмы.

«Павырасталі. Новы свет пайшоў. Хутка нікога не пазнаеш...»

Лес здрабнеў, і між сасновых ствалоў выглянулі крытыя новай гонтай стрэхі хат.

Нешта ў сярэдзіне балюча заныла.


IV


Апошнія дні Вайцех толькі і думаў пра швагра. Ен чакаў яго з часу-на-час, збіраючыся аднесці пасцілку ў канцылярыю, але ўсё адкладваў на заўтра: старшыня быў у раёне. На месца пакражы Вайцех ужо звадзіў двух членаў праўлення і дэпутата. Склалі акт. Хтосьці настойваў выклікаць міліцыю, але Вайцех заявіў, што злодзей прыдзе сам, прасіў пачакаць дні са два і не ўзнімаць вэрхалу. Члены праўлення толькі паціснулі плячыма, здзіўлена паглядзеўшы адзін аднаму ў вочы, але згадзіліся з Вайцехам. Толькі дэпутат ніяк не ішоў на такі план, і, каб растлумачыць таму, Вайцеху прышлося весці доўгую гутарку.

Вайцех ведаў натуру Андрэя і быў упэўнены, што той прыдзе. Ніяк ён не вылазіў з галавы, стаяў перад вачыма: хітры, ваўкаваты. Вайцех яшчэ не ведаў, што на свеце няма ранейшага Андрэя, а ёсць толькі згорблены і паранены ім чалавек.

«Быць не можа... Няўжо я яго падстрэліў?.. 3 такой стрэльбы, ды яшчэ соль — далёка не папрэ...»

Сёння раніцой, прышоўшы з Жукаўшчыны, ён ледзь звёў вочы, як прысніў сон...

...Яны з Андрэем, аручы на быках пад лесам, знайшлі золaта. Цэлы гладыш. Бліскуча-е такое, чырвонае, нібы гэта быў збан з гарачым вуголлем. Але што такое... Андрэй згроб яго пад паху і хоча ўцячы.

— Аддай, аддай!.. Калгаснае!.. — закрычаў Вайцех.

Адкуль узяўся нож, i ён, Вайцех, — о, гора!.. — замахнуўся ім на Андрэя, але аднекуль з’явілася Юлька i, нема закрычаўшы, ухапілася яму за руку. Ён прачнуўся i адразу ўскочыў з ложка.

У ваччу доўга яшчэ стаяла маладая і гарэзлівая Юля, як i трыццаць год назад, калі яны ўпершыню спазналі адно аднаго...

***

...Хто мог сказаць, хто мог падумаць тады, што будзе ўперадзе!..

Яны былі шчаслівыя. Яны любілі адно аднаго... Яны любілі і дзяцей... Як горка часам адчуваць, што шчасце ўжо мінула, прайшло, знікла ў віры жыцця i яго не вернеш ніякімі варункамі. Не, яно само не прайшло, не пакінула яго. Яно страчана назаўсёды па волі людзей, якіх яшчэ носіць зямля... Эх, жыццё, жыццё... Але што наракаць на яго?.. Вінават ён, Вайцех. Сам не змог зберагчы сваё шчасце. Але хіба будзеш ведаць, на якой ты кладцы спатыкнешся? Гэтулькі ў жыцці няроўных дарог...

Няўжо ён тады спатыкнуўся? Няўжо ён даў які-небудзь знак для таго, каб воля Андрэя павяла за сабою Юльку?.. I куды? На верную смерць...

Цяжка ўспамінаць тыя часы, калі яго дома на папялішчы не сустрэў ніхто: ні жонка, ні дачка... А можа i не варта прыпамінаць мінулае? I звер жа не заўсёды бегае па адных i тых жа слядах... Але цяжка ўтрываць, калі адчуваеш штодня, як амаль учора яна, Юлька, лашчыла цябе i прымала з такой ахвотаю тваю пяшчоту...


стр.

Похожие книги