Нічога не зробіш...
На стол з шафы была пастаўлена другая паўнюткая бутэлька, аж на газетную затычку, i масла на талерцы.
Цяпер ужо Андрэй развязаў язык. Усё ўмельства ўгаворваць ён выклаў тут, за сталом. Сам ён не выпіў нічуць, так толькі, для віду прыгубляў шклянку. А Сідарка, слухаючы няхітры план начной малацьбы Якубчыка, чэрпаў лыжкай масла і, патакваючы, ківаў галавою.
— Калі махнём удвух — не забавімся доўга. Сюды-туды, сноп пад калені і канец... — шэптам даводзіў Андрэй.
— Каму канец? Сідарку не канец... Сідарка нікуды не кранецца... Не палезе, як дурны на вароты... Факт.
— Не вярзі абы чаго. Возьмем мяшкі і пудзікі па два прыцягнем. Будзем збірацца, пара. Хопіць, хопіць! — учарэпіўся Андрэй за бутэльку, а то ты i так цягнеш не ў той бок. Стукнула ў галаўню. Так нічога не выйдзе. Слухай, Раман, ты даўно хадзіў туды на поле?..
— А масла тваё неблагое... жоўценькае... — ужо наўгад ткнуў Сідарка відэльцам у талерку.
Толькі ад Андрэя не так лёгка было адвязацца. Ён, мусіць, скумекаў, што хлопец залішне прыкідваецца, бо не такі ён i п’яны ад якога там паўлітэрка.
— Ты ў мяне глядзі... А ну вылазь з-за стала! Чуў?
— Нічарта не чуў!.. — гукнуў у адказ Сідарка. — Ведаем усе твае думачкі... Хопіць! Сідарка не такі... Не-е... Не абдурыш, як на лузе...— Раман піхнуў локцем бутэльку, яна зазвінела аб посудак і пакацілася па стале.
Андрэй хуценька сабраў усё з абруса i перанёс у шафу, злосна ляпнуўшы дзверцамі.
— Раман, перастань прыдурвацца, зараза!
— Куды схаваў? — цягнуў той рукі з-за стала. — Ладна, нясі, хавай!.. Быў скупы, скупым i здохнеш... — прабубніў ён нарэшце і асунуўся на лаву, апусціўшы пераносіцу на край стала.
Як ні тоўхаў яго пад бокі Андрэй, апроч упартага «адыйдзі!», не мог дабіцца нічога. Затым ён перацягнуў яго з лавы ў запечак, спрабуючы раскатурхаць. Нічога не памагала. Нарэшце ён вывеў таго на двор. Раману ж нібы язык адняло. Ён толькі мармытаў пад нос нешта благое. Якубчык зразумеў, што спаіў хлопца на сваю галаву. Ён плюнуў і пайшоў у хату, пакінуўшы таго праветрыцца на прызбе.
Калі ж ён праз некалькі часу выйшаў на ганак, Сідаркі на двары не было. Злосная лаянка зляцела з вуснаў Андрэя. Ясна, той «п’янюга» захацеў яго ашукаць.
«Але ты ад мяне не выкруцішся, лісіная скура», — скрыгатнуў ён зубамi.
Да Сідаркі дамоў адразу ж быў зноў пасланы Вова. Памятаючы бацькавы словы: «дастаць паршыўца з-пад зямлі», ён забег нават у некалькі хат, куды часцей за ўсё заглядаў Сідарка, але той нібы скрозь зямлю праваліўся.
У злосці, парашыўшы зглумлены паўлітэрак садраць з хлопца ўтрая і прымусіць таго прыкусіць язык, Андрэй прыкідваў новы план: ён пойдзе з Вовам.
«Хай сабе прывалачом i меней, але затое надзейна. Ніхто не будзе знаць і дзяліць ні з кім не трэба. А адклад не ідзе ў лад — снапы могуць звезці...»
Вечар прысунуўся раптоўна. 3 цемнатою вёска засталася ззаду. На ўзлессі было ціха, нават нудна. Мітрэнжылі камары i разам з сасновымі калючымі лапкамі лезлі ў вочы. Недзе далёка-далёка, у глыбіні лесу прыглушана стукаў тапор позняга дрывасека. Нават рэха не было. Мусіць, нехта з суседняга сяла пасля звозкі снапоў папрасіў у брыгадзіра каня з’ездзіць па дровы. На маладых сасонках ціхенька папісквалі нейкія мізэрныя птушкі, пырхаючы з сучка на сучок, нібы ўцякаючы ад кагосьці. Каля балота рыкала карова і галёкала жанчына. Ззаду, там, дзе была дарога, забрынчэў веласіпедны званок і нехта загаманіў...
Нічога не прапускала Андрэева вуха.
Сын жа больш чым апраўдваў ягоныя надзеі. Ён бег наперадзе, расхінаючы лапкі, не баючыся ні звяр’я, ні карчэўя.
«Не дарма я браў яго начамі з сабою. Кемлівы хлопец расце...» — усміхаўся ён тады па дарозе.
***
Цяпер ён сунуўся гэтай самай дарогай у Леснікі з апушчанай галавой. Жукаўшчына заставалася збоку. Праз рэдкае ўзлессе было відаць жоўтае поле, шырокае-шырокае, не змераць за дзень... Канчалася яно недзе там, дзе віднеліся на фоне белага ад летніх воблакаў неба толькі вострыя вершаліны далёкага векавога лесу. Там недзе фыркаў ні то камбайн, ні то калгасны «газік».
Трапяталася сэрца, калі Андрэй пачынаў думаць пра сустрэчу з Вайцехам. Першы раз ён ішоў у Леснікі ў такім настроі. Зацяганы, абшарпаны, аброслы барадою. Яшчэ дома яго кідала ў дрыготку, мо таму ён у дабавак да ўсяго накінуў на фрэнч стары-стары плашч. Трымаўся ён на плячах і не разлазіўся толькі таму, што быў вельмі моцны і ўслед жа цыраваўся, варта яму было дзе-небудзь распаўзціся. Здавалася, плашч менш пацярпеў за ўсе мокрыя і халодныя гады ў сваім жыцці, чым яго гаспадар за адны суткі.