I тут Вайцех аж страпянуўся, нібы хтосьці перацягнуў па ім дубцом. У цішыню ночы смела ўварваліся пошум і мяккія постукі палкі. Вайцех увесь падаўся ўперад і стаў падымацца. Хутка з-за свайго мэндліка ён убачыў, як недалёка ад лесу штосьці чорнае бесперапынку калашмаціла сноп. Вайцех выпрастаўся і здрыгануўся: там быў чалавек.
«Ён жа і напалохаў дзікоў, а цяпер і сам не горш за іх тармосіць. Але пачакай... Што гэта? Яшчэ нехта каля яго сноўдаецца. Маленькі... Хлапчаня... Угу...»
Усю асцярогу, набытую гадамі ў партызанскай разведцы, а пасля пры вартаўніцтве, паклаў Вайцех на тыя паўсотні крокаў, якія аддзялялі яго ад «паўтара зладзеяў». Хаця гэтага можна былі i не рабіць: два сілуэты — адзін большы, другі зусім малы — смела ўвіхаліся каля мэндліка, забыўшыся на ўсё. Ды чаго ім было баяцца? Дзікоў спудзілі, і тыя падаліся прэч; вартаўніка, відаць, не спадзяваліся сустрэць, а мо і чакалі з якім-небудзь намерам. Хто ведае...
Вайцех, прыгнуўшыся, падкраўся амаль да іх: яго прыкрывалі мэндлікі, густа пастаўленыя па загоне, а стук важкай палкі па снопе скрадваў крокі.
Перад яго вачыма спяшаліся двое. Праўда, дзіцянё менш стукала палкай па снопе — спіцай з каляса, як здалося Вайцеху, — а згортвала ў кучку на разасланай пасцілцы распырсканае зерне. Затое спрытна малаціў стары мужчына: і палкай, і локцямі, і пальцамі, і каленьмі. Ен нават ухітраўся час-ад-часу перасыпаць зерне з далоні на далонь, зыдзьмухваючы мякіну і падносячы затым рукі да вачэй. У разоры каля іх (Вайцех заўважыў гэта крыху пазней) ляжаў мяшок — паўпудовая ношка.
Нейкі смех пачынаў разбіраць Вайцеха: рухі мужчыны былі такія нязграбныя, нібы гэта мядзведзь абіраў шалупіны зваранай бульбіны. Затое малы... О-о-о!.. Які ён быў спрытны! Ён спраўляўся і падносіць снапы, хоць яны былі і зацяжкія для яго, і адкідваць абабітыя ўбок, затым прыстаўляць іх да някранутых мэндлікаў, і нават ухітраўся жменямi або прыгаршчамі папаўняць ношку... Апошняе выходзіла ў яго найспрытней. Рабіў ён усё хутка і моўчкі: відаць, баяўся бацькі.
Вайцех паверыў, што перад ім спрактыкаваны злодзей з вывадкам, а не звычайны вясковы абібок. На душы чамусьці адразу стала крыўдна... Мусіць, за малое. Затым падскочыла шалёная злосць.
— Стой! Hi з месца, прокляць!..
Канец стрэльбы амаль даставаў да плячэй мужчыны. Абодва, як сядзелі, так і прыгнуліся да зямлі. Затым мужчына, не азіраючыся, у адно імгненне ўхапіў мех i, як воўк, скакануў з месца. Твару яго Вайцех не згледзеў.
— Та-а-а-та!.. — дзіка і пісклява разанула вуха і разнеслася ў магільнай цішы ночы.
«Тата» не адазваўся. Ён, мусіць, добра ведаў сынка. Сапраўды, той, як дзікая каза, выслізнуў амаль з-пад ног у Вайцеха і быў ужо наперадзе бацькі.
— Стой! Застрэлю! Стой!.. — загрымеў Вайцехаў прарэзлівы голас: стрэльба дрыжала i падскоквала.
— Стой!.. Поскудзі... Улажу!.. — з усіх ног рвануўся Вайцех. Але прышэльцы былі маладзейшыя, ды яшчэ спалох прыдаваў ім воўчыя ногі i спрыт.
Вайцеху спачатку здавалася, што ён дагоніць іх вось-вось... Але ўперадзе лес, i гэтыя двое ваўчаногія сваімі хапатлівымі рукамі хутка расхінуць кусты і знікнуць...
Вайцех прыпыніўся. Ствол стрэльбы пачаў хадзіць ад аднаго сілуэта да другога, спыняючыся то на большым, то на меншым. Нейкае пачуццё — чорт бы яго ўзяў! — сплюнуў Вайцех, — не давала сагнуць палец, што ляжаў на курку... Мусіць каб лес загарадзіў дарогу зладзеям, Вайцех ніколі б не рашыўся стрэліць.
Аднак, хутка яны, міраеды, што не даюць жыцця яму i калгасу, знікнуць з вачэй, застануцца жыць, адседзяцца і зноў прыдуць.
— Стой!.. Стой!.. Спыніся!..
Хлапчанё дабегла да кустоў і расплылося ў цемені, знікла. Дзесьці на канцы ствала ён улавіў чорную, сагнутую мужчынскую постаць. Аж два пальцы націснулі на куркі. Чырвоны язык полымя лізнуў цемень... Гулкі, перакацісты стрэл разлёгся па Жукаўшчыне.
Працяглае рэха пакацілася па лесе і доўга, са стогнам, адклікалася то з-пад луга, то з-пад вёскі. Карацей і драбней адказалі імшары з бярэзнікам.
Яшчэ гусцейшая цемра схавала ўсё ад вачэй.
Толькі там, дзе зніклі прышэльцы, шумеў лес і трашчала сучча. Затым стала ціха: відаць, тыя прыселі аддыхацца або выйшлі на дарогу.