— Я думаў, што табе ўрок гэта будзе... Можа, па-чалавечаму пачнеш жыць. А ты... Дарэмна я яшчэ тады дараваў табе...
— Слухай, Вайцех... Богам прашу... Не ўспамінай пра мінулае. Даруй. Пасцілку аддай. Ты мяне садзіш адзін. Адзін ты!.. Зразумей. Ну, што табе стане ад гэтага?.. — Андрэй растапырыў рукі і чакаў.
— Я цябе не саджу. Па мне ты мог быць вольны, як цыганскае дзіця... — Вайцех павёў вачыма па сагнутай постаці Андрэя з галавы да ног, нібы такім ён бачыў яго першы раз.
— Аддай пасцілку... — зноў рот у Андрэя скрывіўся ў адчаі. — Ты думаеш, чаго я палез пад твой шрот? У маёй кішэні вош на рамені...
— Не прыбядняйся. Жывуць людзі... I жывуць, як трэба ў вашым калгасе. А пасцілка... Яна мая... мая! Чуеш?! — Вайцех сеў на лаву на сваё ранейшае месца і стаў закурваць. Ён утаропіўся ў Андрэевы парваныя чаравікі і думаў: «Як гэта яго ногі тоўпяцца ў такім абутку...»
— А-а-а... Цяпер усё тваё! Смела гаворыш! А забыўся, як я табе і хатулямі і цэлымі мяхамі пасля вайны памагаў. Садзіў, як у прорву якую... Цябе б нагамі ўперад даўно б вынеслі, каб не я з маёй дабратой... — падаўся ён да Вайцеха, нервова адкінуўшы на бок палу свайго старога выпэцканага і зацыраванага плашча.
«Хто лепш за яго ведае, дзе мне баліць...» — падумаў Вайцех і абарваў Андрэя:
— Ты зноў пра сваё! Злодзея кавалак... Не быў бы я ў той час прыкуты ранамі да ложка... — ён не дагаварыў. — Чуў я i тады, чым ты прамышляеш, але веры не даваў. А ведаў бы я, шго гэта крадзенае, што гэта слёзы пагарэльцаў, чые ямы ты ачысціў... лепш згадзіўся б падохнуць... — Вайцех кашлянуў і, адвярнуўшыся, пачаў глядзець у акно, за якім вераб’і не маглі падзяліць нейкі колас на зямлі. Гэты чалазек выклікаў у яго не жаль, а агіду.
— Усе мы аднолькава церпім беды на гэтым свеце. Ці варта з-за нейкага снапа рабіцца звярамі?..
— Што? Хочаш i з гары зваліцца i азадка не разбіць?..
— Ага! Цяпер ты азадкам да мяне! Вось чым плаціш... У турму загнаць збіраешся... Не загіну! Вярнуся адтуль i адпомшчу. Будзе час, швагерка... — у злосці ашчэрыўся Андрэй. Яго маршчыністы твар неяк перакасіўся, шырокі нос расцягнуўся і зрабіўся яшчэ шырэйшы. Рудаватыя вочы не бегалі, а хутчэй круціліся. Даўно няголеная верхняя губа дрыжала. — Садзі... Але і твая жызня падточана... Цьфу! Парадніўся яшчэ з кім... 3 чалавекам, які ўсе гады пільнаваў, каб мяне ўтапіць, са свету сцерці...
— Брэшаш!.. — ускіпеў Вайцех і выпрастаўся ля акна. — Ты ў мяне адняў не гэта, а яшчэ помсціць збіраешся... Але што гаварыць... Для мяне яна...—Вайцех асекся.— ...для мяне яна была даражэй, чым для цябе... — ён адчуў, як ненавідзіць гэтага чалавека. Яго шэрыя вочы ўпіліся ў Андрэя, прымусіўшы таго адступіцца да парога. — Сабака!.. Зладзюга!.. Ратунку шукаеш... Не будзе на Сяліцкіх плямы з-за цябе, гультая кавалак... Мне з табой не па дарозе!.. Выбірайся!..
Ляпнулі дзверы. Вайцех зноў прыпаў да акна, абапёршы галаву на шырокія, нязграбныя рукі, і бачыў, як узняліся з зямлі сварлівыя вераб’і і разляцеліся ў розныя бакі ад стуку варот. Трохгадовы суседаў хлопчык у белай бесказырцы скрыпеў старым дзіцячым веласіпедам па пясчаным двары.
Вайцех згледзеў, як паспяшалася з гароду яго дачка з поўным кошыкам бацвіння.
На нейкую хвіліну яго позірк затрымаўся на доўгай галіне ружы, якая вылезла між паркання з цеснага гародчыка на двор і, згінаючыся пад ветрам, даставала зялёным яшчэ лісцем аж да жоўтага пяску пад прызбай.
На душы стала балюча, сумна. Ен бачыў яшчэ, як параўняўшыся з плотам, што быў ад вуліцы, дачка падняла галаву, i як Андрэй, плюнуўшы i нешта сказаўшы ёй, ткнуў пальцам у акно, затым махнуў рукою і падаўся ад яе прэч.
«Ці не з ёй паспеў пагаварыць, i яна будзе прасіць? Цяжка ёй будзе адказаць... Розуму ў яе не адняць, але розум яшчэ дзіцячы...» — падняўся Вайцех насустрач дачцы.
***
Вецер гнаў лісце са смеццем ззаду за Андрэем, а яму здавалася, што за ім нехта ідзе.
Параўняўшыся з платамі, што выводзілі вуліцу з вёскі, ён размінуўся з Раманам Сідаркам. Той у белай рубашцы мчаўся сцежачкай на веласіпедзе i нават не павярнуў да Андрэя галавы.
«Да Алі... да Вайцехавай папёрся... Заляцаецца, брыдота... I ён пасведчыць на мяне...»